Агульныя звесткі пра балгарскую мову

АГУЛЬНЫЯ ЗВЕСТКІ ПРА БАЛГАРСКУЮ МОВУ


Балгарская мова – адна з індаеўрапейскіх моў, мова балгар, дзяржаўная мова Рэспублікі Балгарыя (каля 8 млн. чал.). Разам з сербскай, харвацкай, славенскай, македонскай і баснійскай мовамі ўтварае паўдн?вую групу славянскіх моў. Пашырана таксама сярод балгар, якія жывуць ў Турцыі, Грэцыі, Македоніі, Румыніі, Малдавіі, Украіне і інш.

Гісторыя. Б.м. – мова са шматвяковай гісторыяй. У развіцці б.м. традыцыйна вылучаюць наступныя перыяды:

  • перадпісьмовы (ад VI да 2-ой паловы IX ст.),
  • старабалгарскі (ад IX да XI ст.),
  • сярэднебалгарскі (ад XII да XIV ст.)
  • новабалгарскі (ад XV ст. да с?нняшняга часу).

У перадпісьмовы перыяд балгара-славянскія плям?ны засяляюць Балканскі паўвостраў. Узнікае першая балгарская дзяржава на чале з ханам Аспарухам (681).

Старабалгарскі перыяд звязаны з дзейнасцю Кірыла і Мяфодзія, якія ствараюць славянскую азбуку і разам са сваімі вучнямі перакладаюць шматлікія багаслужэбныя кнігі на сваю родную мову.

 У сярэднебалгарскі перыяд назіраюцца значныя змены ў структуры б.м. – яе пераход ад сінтэтычнага да аналітычнага ладу (знікае склонавая сістэма імені, парны лік, дзеепрыметнікі, з’яўляюцца дзеепрыслоўі і інш.). Некаторыя з гэтых змен не былі адлюстраваны ў літаратурных помніках з-за імкнення захаваць архаічную традыцыю.

У 1393 Балгарыя трапляе пад уладу туркаў, што спыняе развіццё балгарскай культуры. Новы пад’?м славянскай пісьменнасці назіраецца ў другой палове 16 ст. У гэты час з’яўляюцца дамаскіны (ад імя грэчаскага прапаведніка 16 ст. Дамаскіна Студзіта) – рукапісныя зборнікі рэлігіёзна-маральнага зместу, у якіх пачынаюць больш паслядоўна адлюстроўвацца асаблівасці народных гаворак. Сучасная літаратурная б.м. сфармавалася ў сярэдзіне 19 ст. на аснове паўночна-усходніх гаворак. Яе станаўленню і развіццю садзейнічала творчасць буйнейшых балгарскіх пісьменнікаў канца 19 – пачатку 20 ст. –  П. Славейкава, Л. Каравэлава, І. Вазава, Хр. Боцева, Э. Пяліна, А. Канстанцінава, П. Яварава, Дз. Дэбелянава і інш.

Дыялекты. У залежнасці ад вымаўлення галоснага, які з’явіўся на месцы стараславянскага ?, балгарскія дыялекты падзяляюцца на дзве вялікія групы: усходнія і заходнія. У заходніх дыялектах на месцы былога «яць» вымаўляецца «е» (вера, млеко, хлеб), ва ўсходніх – «я», які пры пэўных умовах чаргуецца з «е» (вяра -верен, мляко - млечен, хляб -хлебар).

Правапіс. Б.м. карыстаецца кірылічнай графікай. Алфавіт складаецца з 30 літар. У параўнанні з беларускай мовай ў ім адсутнічаюць літары «ў», «э», «ы» і «ё». Літара «ъ» (ер голям) пазначае галосны гук сярэдняга раду, сярэдняга пад’ему, літара «ь» (ер малък) ужываецца толькі для перадачы мяккасці, літара «щ» перадае гукаспалучэнне [шт].

Лексіка. Да спрадвечнай балгарскай лексікі адносяцца індаеўрапейскія (брат, вода, коза), агульнаславянскія (дядо ‘дзед’, глава ‘галава’, стол ‘стул’), уласна балгарскія (прахосмукачка ‘пыласос’) словы. Запазычанні прадстаўлены грэчаскімі (библия, ангел, молив), лацінскімі (адвокат, семинар, култура), турэцкімі (чиния ‘талерка’, комшия ‘сусед’, шише ‘бутэлька’), царкоўнаславянскімі (благодетел, възнесение) рускімі (занятие, начало, преподавам, необходим) і заходнееўрапейскімі (французскімі – ресторант, бисквит, шофьор, італьянскімі - опера, валута, англійскімі – треньор, бизнес, шоу і інш.) словамі.

Марфалогія. Марфалагічныя рысы значна адрозніваюць б.м. ад іншых славянскіх моў і сведчаць пра яе пераважна аналітычны характар:

  • страта катэгорыі склону (склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў – книга на Иван ‘кніга Івана’, цветя за майка ми ‘кветкі для маёй маці’);
  • постпазітыўны артыкль, які можа далучацца не толькі да назоўнікаў (денят, книгата, таксито), але і да прыметнікаў (зеленият цвят, тихата вечер, родното село), і да лічэбнікаў (двата, трите);
  • клічная форма назоўніка (Иване, мамо, татко, Еленке);
  • страта інфінітыва, на меcцы якога ўжываецца да-канструкцыя (да чета ‘чытаць’, да мисля ‘думаць’);
  • толькі кароткая форма прыметнікаў (добър, детски, вчерашен);
  • утварэнне ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў пры дапамозе часціц по і най (хубав ‘прыгожы’, по-хубав ‘прыгажэйшы’, най-хубав ‘самы прыгожы’); гэтыя часціцы могуць ужывацца і пры іншых часцінах мовы (най обичам да се разхождам из парка ‘я больш за ўсе люблю гуляць у парке’);
  • поўныя і кароткія формы займеннікаў (на мене – ми, на тебе – ти, на него –му, на нея – и, на нас – ви, на вас–ви, на тях – им (Д. скл.); мене–ме, тебе–те него–го, нея–я, нас–ни, вас–ви, тях–ги (В. скл.));
  • развітая сістэма дзеяслоўных часоў (б.м. налічвае 9 часоў: цяперашні, будучы, аорыст, імперфект, перфект, плюсквамперфект, будучы у мінулым, будучы папярэдні, будучы папярэдні ў мінулым);
  • дзеясловы цяперашняга часу падзяляюцца на 3 спражэнні ў залежнасці ад тэматычнага галоснага: -е- (1 спр.), -і- (2 спр.), -а- (3 спр.);
  • толькі аналітычныя формы будучага часу, якія ўтвараюцца пры дапамозе часціцы ще (ще чета ‘буду чытаць’);
  • пераказвальны лад (пераказвальныя (нясведкавыя) формы) дзеяслова. Ужыванне пераказвальных форм паказвае на тое, што моўца не быў відавочцам падзеі, а расказвае пра яе паводле чужых сведчанняў, на яго думку, не зусім праўдзівых. Найчасцей гэтыя формы выкарыстоўваюцца пры пераказе гістарычных падзей, пры ўзнаўленні легендаў, паданняў, казак.

Большасць пазначаных марфалагічных рысаў яднае б.м. з іншымі мовамі Балканскага моўнага саюзу, куды акрамя б.м. уваходзяць албанская, румынская, грэчаская і некакторыя іншыя мовы Балканскага паўвострава.

Словаўтварэнне. Афіксацыя - асноўны спосаб утварэння новых слоў у б.м. Да асноўных словаўтваральных тэндэнцый сучаснай б.м. адносяцца:

  • засваенне і актыўнае выкарыстанне запазычанняў (геймър, хакер, мобилка) і новых словаўтваральных асноў (еко-, евро-, екс-, хай-, чат-);
  • дыферэнцыяцыя мужчынскіх і жаночых найменняў (новинар новинарка, шеф – шефка);
  • рэгулярнае ўжыванне пры словаўтварэнні стылістычна афарбаваных суфіксаў (лимузинаджия ‘уладальнік таксі’, байганьовщина якасці, уласцівыя Бай Ганё – герою аднайменнай аповесці А. Канстанцінава’; праяўленне нявыхаванасці і недасведчанасці’);
  • актыўнае ўтварэнне слоў ад абрэвіатур і ўласных іменаў (седесар ‘прадстаўнік СДС (саюза дэмакратычных сіл)’, бесепіс / бесепар ‘прадстаўнік БСП (балгарскай сацыялістычнай партыі)’, вазовка ‘банкота 10 леваў з выявай І. Вазава).

 Сінтаксіс. Да сінтаскічных асаблівасцей б.м. можна аднесці:

  • двайное дапаўненне (книгата я няма ‘кнігі няма’);
  • канструкцыі з некалькімі прыназоўнікамі (книга за в леглото ‘кніга для чытання ў ложку’, изпращам до пред вратата ‘праважаю да саміх дзвярэй’);
  • імянныя безпрыназоўнікавыя канструкцыі тыпу «назоўнік+назоўнік» (чаша вода ‘шклянка вады’, кошница ябълки ‘кошык яблык’, ято птици ‘чарада птушак’).

Вывучэнне балгарскай мовы у Беларусі. Балгарская мова выкладаецца на філалагічным факультэце БДУ як асноўная і дадатковая спецыяльнасць. У вытокаў стварэння сучаснай беларускай балгарыстыкі стаялі праф. А.Я. Супрун, праф. Г.А. Цыхун, праф. Б.Ю. Норман, праф. У.А.Карпаў.

 

Звесткі пра публікацыю:

Коўш, В.А. Балгарская мова / В.А. Коўш // Культура Беларусі: энцыклапедыя. Т.1 / рэд. кал.: Т.У. Бялова ( гал. рэд.) [ і інш.]. – Мінск: Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі. – С. 71.

Сделайте заказ, запишитесь на курсы или задайте вопрос.

Нажмите на изображение, чтобы его изменить